«БЫВАЙ, ЛЕТА!» МОВАЮ … ВЯСЛА
Людзі дасведчаныя сцвярджаюць, што калі сцішыцца ля самага ўскрайку вады, злавіць вокам водбліскі заходзячага сонейка, прыслухацца да ціхага шоргату хваляў па сіняватым прыбярэжным пяску, можна на нейкае імгненне адчуць дзесьці ў самай глыбіні сэрца Вялікую сімфонію Космасу, Боскую гармонію, схаваную ў разнастайнасці тварэння. А яшчэ часам гавораць, што няма на вялікім свеце месца, больш прыдатнага для падобных заняткаў, чым наша дзівосная сінявокая Беларусь…
У перадапошні дзень лета размаістая шумная кампанія сабралася на беразе Свіслачы непадалёк ад аквапарка Лябяжы. І не дзіва — навучэнцы нядзельнай школы праваслаўнага храма ў гонар святога роўнаапостальнага князя Ўладзіміра, што месціцца на ўскрайку мінскага мікрараёна Зялёны Луг, разам з бацькамі вырашылі незвычайным чынам адзначыць заканчэнне лета. Хацелася ў апошні раз перад пачаткам школьнага марафону атрымаць порцыю пазітыўных эмоцій, адчуць сябе сам-насам з матухнай-прыродай.
Я ўзняла вочы на неба і … зажурылася. Учарашняга блакіту не засталося і наўспаміне, цяжкія сіне-шэрыя хмары напаўзалі аднекуль з-за гарызонту, здавалася, што цмяны небасхіл вось-вось разродзіцца цяжкімі, халоднымі кроплямі дажджу. Па вадзе беглі высокія, на выгляд — суцэльна свінцовыя хвалі. Я адчула, што імпэт, які бруіў яшчэ з раніцы, пачынае саступаць месца трывозе. Холадна, ветрана, небяспечна…
І тут загучаў голас нашага завадатара святара Сергія Бялеўцава, настаяцеля князь-уладзіміраўскага храма, які замест таго, каб падазрона касіцца на неспакойную ваду, крочыў да самай пеннай кромкі, глянуў удалячынь, шырока ўсміхнуўся. І весела распавёў нам, крыху спуджаным не зусім гасціннай у той дзень Свіслаччу, пра тое, што сапраўдная духоўнасць не можа існаваць выключна ў замкнёнай гарадской прасторы, у адрыве ад жывой прыроды, ад актыўнага, насычанага жыцця, поўнага пераадолення рэальных перашкод.
У айца Сергія — чацвёра дзетак. Усе яны — і пара блізнятаў-хлапчукоў, і двое старэйшых дзяўчатак — побач з татам, рыхтуюцца да спуску байдарак на ваду. І ўсе мы, гледзячы на іх, далучаемся да агульнай справы, разбіраем рыштунак, уздымаемся духам, зноў адчуваем нейдзе ў глыбіні саміх сябе казытлівае прадчуванне вясёлых прыгод. Але ж большасць з ахвотнікаў - зусім навічкі ў справе воднага турызму. Таму пачынаем з навучання — трэба асвоіць новы транспарт, вывучыць правілы бяспекі, адпрацаваць новыя навыкі на практыцы на мелкаводдзі.
У тых, хто ўзяў байдарачнае вясло ў рукі ўпершыню, зразумела, не ўсё атрымлівалася адразу. Але ж праз нейкі час кожны пераняў нескладаныя навыкі кіравання байдаркай. І зусім неважна, што ў самых малодшых ужо паспелі павыскокваць на далонях першыя працоўныя мазалі… Уся каманда заняла свае месцы ў лодках, і сплаў пачаўся!
Першая палова маршрута праходзіла па вадасховішчы Дразды, у якім шырыня воднага люстэрка месцамі дасягае 600 метраў. А гэта значыць, што ў ветранае надвор’е часам уздымаюцца даволі высокія хвалі. Як раз гэткім надвор’ем і пачыналася наша падарожжа…
Знутры байдаркі з яе зусім нізенькімі бартамі відовішча шматсотметровай воднай гладзі, ускалыханай ірванымі хвалямі, спачатку раз-пораз прымушала сэрца міжволі заміраць у грудзях. Але ж хутка супольны пазітыўны дух дапамог справіцца з гэтым. І нібыта пацверджаннем нашай перамогі над самімі сабой важкія хмары на небе раптоўна рассунуліся, у прагалы глянула сонейка, яшчэ больш узняўшы настрой усёй каманды.
Наперадзе наш байдарачны гурт чакалі даволі доўгія 12 кіламетраў шляху. Давялося ісці і шырокім змрачнаватым вадасховішчам з бялюткімі чайкамі над галавой, і вузкімі свіслацкімі затокамі з берагамі, зарослымі лесам. Давялося трываць дробны хуткі дождж, што быў пырснуў з вялізнай хмары, якая закранула нас літаральна на некалькі хвілін сваім чарнільным бокам, і цягнуць на руках навюткія жоўтыя байдаркі, абносячы высокую дамбу шумных у гэтым месцы Драздоў.
Нашай першай узнагародай стала вялізная вясёлка, якая нібыта раптоўна матэрыялізаваным Боскім блаславеннем сустрэла на сярэдзіне маршрута. Але ж самым галоўным прызам стала тое пачуццё, калі мы, пад самы вечар скончыўшы сплаў і ступіўшы на цвёрдую зямлю непадалёк ад Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адчулі дзівосную, непаўторную, неверагодную сумесь захаплення, фізічнай стомы і разлітага ў сэрцах акіяна пазітыўных эмоцый!
Невялікае, але ж такое насычанае падарожжа засталося за спіной гэтаксама, як і тое лета, якому мы такім незвычайным чынам сказалі: «Бывай!» Але ж кожны з яго ўдзельнікаў яскрава адчуваў, колькі духоўнай і фізічнай сілы, веры ў лепшае, імкнення рухацца наперад пакінулі ў ім гэтыя некалькі гадзін неба, хваляў, пераадолення сябе і шчырага сяброўства.
«З гэткім тылам зусім не боязна пачынаць жыццёвы штурм новага школьнага года!» — чамусьці падумала я, заскокваючы на аўтобусную прыступку і кідаючы апошні позірк на такія жывыя і стаўшыя амаль роднымі свіслацкія хвалі.
Таццяна Захаранка