ПЕРШЫ МІНСКІ КВЭСТ У ГОНАР ПАМЯЦІ ПРАПАДОБНАМУЧАНІКА СЕРАФІМА ЖЫРОВІЦКАГА АДБЫЎСЯ Ў МІНСКУ 9 СЕНТЯБРЯ 2016 (ПЯТНИЦА)

pershi_minski_kvest_u_gonar_pamyatsibig


6 верасня, у дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага, упершыню ў Мінску адбыўся квэст, прысвечаны памяці беларускага святога Серафіма.

Архімандрыт Серафім быў кананізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой у 1999 годзе як адзін з навамучанікаў зямлі Беларускай. 6 верасня – дзень яго арышту, які стаў пачаткам яго мучаніцкага подзвігу.

Заданні для пазнавальнай гульні былі распрацаваны супрацоўнікамі Свята-Елісавецінскага манастыра г. Мінска на базе аўтарскай экскурсii арганiзатара квэсту Таццяны Хамянковай-Некрашэвіч, прысвечанай памяцi св. Серафiма. Плануецца, што квэст будзе праводзіцца рэгулярна.

Маршрут квэсту – гульні на арыенціроўку па мясцовасці – пралягаў па мясцінах Мінска, звязаных з жыццём Серафіма Жыровіцкага. Такім чынам, гульня была актыўнай альтэрнатывай традыцыйнаму пасіўнаму фармату атрымання ведаў на экскурсіі “Мінск навамучанікаў”. Усе аб’екты маршрута размяшчаюцца літаральна ў межах двух-трох мінскіх кварталаў, таму выкананне ўсіх заданняў квэста можа заняць не больш 40 хвілін. Удзел можна было прыняць як арганізаванымі групамі, так і асабіста.

Удзельнікі гульні мелі на руках жыццеапісанне святога разам з апісаннем існуючых альбо ўжо зніклых з карты Мінска аб’ектаў, асвечаных некалі прысутнасцю там будучага святога. Каб выканаць заданні квэсту, удзельнікам гульні неабходна было скарыстацца сваімі навыкамі арыенціроўкі не толькі па мясцовасці, але і ў ведах па гісторыі Мінска, па царкоўнай архітэктуры, мастацтву і гісторыі. Для гэтага можна было карыстацца і дапамогай Інтэрнэт-даведкі, бо ўсе-такі галоўным у квэсце з’яўлялася не крыніца ведаў, а сам факт іх атрымання.

Хоць гульні-квэсты — з’ява сучасная, і звычайна выкарыстоўваюцца для таго, каб прыцягнуць увагу моладзі да вартых пазнання тэм, можна сказаць, што гэты квэст быў бы цікавы для мінчукоў усіх узростаў, якія б хацелі паглядзець новымі вачыма на звыклыя мясціны горада. А для праваслаўных вернікаў гэта яшчэ і магчымасць прайсці сцяжынамі пакутніцкага шляху вялікага беларускага святога ХХ стагоддзя і, зноў натрапіўшы на іх у штодзённай мітусні сучаснага горада, спыніцца і ўшанаваць яго памяць малітвай: прападобнамучаніча Серафіме, малі Бога за нас, грэшных.

Зварот арганізатара квэсту, Таццяны Хамянковай-Некрашэвіч: “Ваш удзел у гэтых мерапрыемствах — падзяка святому Серафіму Жыровіцкаму і яго паплечніку а. Рыгору Кударэнку за адчыненыя імі ў гады Другой сусветнай вайны 74 (!) царквы, зачыненыя камуністамі на тэрыторыі Беларусі; за магчымасць для нашых прапрадзедаў быць адпетымі паводле хрысціянскага абраду, прадзедаў — павянчацца ў царкве, для дзядуль і бабуль — быць хрышчонымі”.

Кароткі жыццяпіс Серафіма Жыровіцкага:

Прападобнамучанік Серафім (свецкае імя Раман) нарадзіўся 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе (сёння Ляхавіцкі раён). Незадоўга да вайны стаў архімадрытам манастыра ў Жыровічах. У гады вайны разам з сваім сябрам і паплечнікам Рыгорам Кударэнка адчыніў 74 праваслаўных храма. Місіянеры пераязджалі з месца на месца на канях, падводах. Хрысцілі, спавядалі тысячы жыхароў, якія на той час дзясяткі гадоў жылі ў атэістычнай краіне. Дзякуючы яму зноў адчыніліся храмы ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Уздзе, Слуцку, Клецку, Ляхавічах і многіх іншых мясцінах (фактычна ва ўсёй Усходняй Беларусі). За сваю місіянерскую дзейнасць, за надуманае абвінавачванне ў супрацоўніцтве з немцамі быў арыштаваны ў 1944-м годзе, праз 10 месяцаў «следства», не прызнаўшы віну, быў прыгавораны да 5 гадоў лагераў і адпраўлены ў Горкаўскую вобласць. На Пасху віншаваў вязняў словамі «Хрыстос Уваскрос», за што ад турэмнага начальства зведаў здзекі і ў рэшце рэшт пакутніцкую смерць: паводле сведчанняў быў разарваны двума машынамі (па іншай версіі гэта былі коні).

Трапар прападобнамучаніку Серафіму Жыровіцкаму, глас 2

Полымем малітвы разагрэўшыся, / ты з’явіўся свяцільнікам Беларускай Царкве, / заззяўшы ў абіцелі Жыровіцкай. / Як пастыр добры, / які веруючых да спасення настаўляў, / і жыццё сваё за Хрыста палажыў, / прападобнамучанік Серафім, // малі за нас Усяшчодрага Бога.

Іаанна Владыка

/ sobor.by/